четверг, 11 октября 2012 г.

Нацыянальныя архетыпы ў рамане У. С. Караткевіча «Каласы пад сярпом тваім»



Артыкул прысвечаны праблеме нацыянальнага архетыпу на сусветным узроўні і на ўзроўні канкрэтнай, у дадзеным выпадку, беларускай нацыі. Сярод гісторыкаў, філосафаў і літаратуразнаўцаў існуе некалькі пунктаў гледжання адносна гэтага пытання, але ўсе яны сыходзяцца ў адным: рашэнне праблемы закладзена ў гісторыі асобнага народа і яго нацыянальнай літаратуры. Гэта характэрна і для твораў беларускай літаратуры, у прыватнасці для раманаў і аповесцяў Уладзіміра Караткевіча, у якіх акрэслены найбольш характэрныя рысы характару і накірункі мыслення беларускага грамадства.
      Тэрмін «архетып» упершыню быў ужыты ў 1919 годзе Карлам Густавам Юнгам для азначэння псіхічных структур, складаючых змест «калектыўнага несвядомага» [2, с. 71]. Калектыўнае несвядомае – гэта агульначалавечы вопыт, які ўяўляе сабой скрытыя сляды памяці чалавечага і нават дачалавечага мінулага. Калектыўнае несвядомае характэрна для ўсіх рас і народаў, яно зафіксавана ў міфалогіі, рэлегійных вераваннях і можа выяўляцца сучасным чалавекам праз сны і іншыя формы змененага стану свядомасці, у тым ліку  праз мастацкую творчасць. У адрозненне ад асабістага несвядомага, якое набываецца з дапамогай асабістага вопыта і якое можа быць страчана, калектыўнае несвядомае перадаецца генытычным шляхам ад продкаў к нашчадкам, ад аднаго народа да другога з дапамогай матываў альбо мадэляў, у ролі якіх і выступаюць архетыпы. Архетып валодае шэрагам уласцівых толькі яму рыс, вызначаюўых яго ўнутраную сутнасць. Па-першае, ён з’яўляецца архаічным феноменам і павінен увасабляцца ў міфах, фальклоры і г.д. Па-другое, з’яўляясь структурай калектыўнага несвядомага, ён павінен выяўляцца ва ўсіх народаў і ва ўсе эпохі. Акрамя гэтага, архетып здольны ўплываць на эмоцыі чалавека і фарміраванне яго жыццёвых прынцыпаў. Менавіта гэты фактар і з’яўляецца асновай для вызначэння паняцця нацыянальнага архетыпу.
Нацыянальны, альбо этнічны архетып уяўляе сабой каноны нацыянальнай духоўнасці і асноўныя асаблівасці этнаса як культурнай цэласнасці. Кожная нацыянальная культура мае дамінуючыя этнакультурныя архетыпы, якія істотным чынам вызначаюць асаблівасці светапогляду, гістарычны лёс народа і характар мастацкай творчасці. Напрыклад, кажучы пра рускія нацыянальныя архетыпы, можна звярнуць увагу на адкрытасць і спагадлівасць, ці на шматлікія атаясненні Русі з жанчынай. Паводле Юнга, «актуалізацыя архетыпу на дадзеным прамежку часа – гэта крок у мінулае» [3, с. 96], аднак узмацненне ўплыву архетыпічнага на нацыю ці асобнага чалавека можа паўплываць на будучыню праз жаданні і мары народа.


Негледзячы на тое, што архетыпы заўсёды застаюцца незменнымі па сваёй сутнасці, з цягам часу яны могуць увасабляцца ва ўсякага роду мастацкіх вобразах, сюжэтных элементах, нацыянальных ідэалах. Такія змены могуць па-рознаму паўплываць на самасвядомасць этнаса і яго далейшы шлях развіцця. Юнг разглядае дзве пагрозы, узнікаючыя на мяжы сутыкнення несвядома-архетыпічных і свядомых кампанентаў псіхікі. Па-першае, гэта растварэнне асобы ў калектыўным несвядомым, а па-другое – падаўленне і ігнараванне несвядомага. На глебе ігнаравання можа ўзнікнуць адваротны працэс – узнікненне неверагоднай колькасці архетыпаў, адраджаючых міфы ў якасці сілы, аб’ядноўваючай пазбаўленыя каранёў этнасы.  Менавіта другая тэндэнцыя характэрна для культур еўрапейскага тыпу, у тым ліку і беларускай.
Гістарычны працэс станаўлення Беларусі праходзіў праз шмат супярэчлівых і неадназначных этапаў. Беларускаму народу давялося пераадолець шэраг выпрабаванняў, кожнае з якіх значна паўплывала на фарміраванне нацыі. Каб зразумець сутнасць першапачатковага нацыянальнага архетыпу, які яшчэ не быў закрануты падаўленнем несвядомага, трэба прааналізаваць гістарычны і культурны лёс этнаса на розных этапах развіцця. Лепш за ўсё архетыпічная мадэль беларускай нацыі адлюстравана ў старажытнай культуры: міфалогіі, народных казках, песнях, паданнях і нават танцах.  Беларусы спрадвек імкнулісь наладзіць кантакт з прыродай. Найбольш ярка гэта праглядаецца ў міфалогіі: усе звышнатуральныя істоты тым, ці іншым чынам былі звязаны з прыроднымі з’явамі: ветрам, сонцам, балотам, зменай часоў года і інш. Усе яны, за выключэннем адмоўных персанажаў, дапамагалі людзям у бытавым, сацыяльным, духоўным жыцці.
Аднак для найбольш поўнага раскрыцця нацыянальнага архетыпу ў дачыненні да разглядаемай тэмы, трэба звярнуцца і да іншага боку жыцця беларусаў: сацыяльнага. Сярод тых жа казак можна вылучыць асобную групу, а менавіта казкі вострай сацыяльнай накіраванасці. Просты беларускі народ спрадвек пакутваў ад прыгнёту паноў і папоў, якія не толькі накладалі на сялян непад’емныя падаткі, але і насміхаліся над іх мовай і культурай, абражалі нацыянальную годнасць. Шырока распаўсюджана меркаванне, што асноўнымі рысамі беларусаў як нацыі, з’яўляюцца памяркоўнасць і талярантнасць. Так, гэтыя рысы  маюць месца, але называць іх асноўнымі нельга. Доказ гэтаму – абавязковы адказ на прыгнёт, калі не бунтам і адкрытым супрацьстаяннем, то здзеклівай і з’едлівай сатырай.
Асаблівасці этнаса, адлюстраваныя ў фальклоры, назіраюцца і ў далейшай яго гісторыі. У XIX стагоддзі беларусы зноў апынулісь пад прыгнётам. Надмерныя падаткі, невыносная праца на паноў – усё гэта зноў узнімае народ на паўстанне. Але на гэты момант беларусы маюць вялізны вопыт жыцця ў Вялікім Княстве Літоўскім – дзяржаве, якая цягам доўгага часу азначала ход развіцця гісторыі Еўропы. ВКЛ спачатку асобна, а потым разам з Рэччу Паспалітай загартавала нацыю ў шматлікіх выпрабаваннях, тым самым забяспечыўшчы маральную падрыхтоўку людзей для далейшых рашучых дзеянняў. Нацыянальны архетып зноў сыграў сваю ролю: паўстанне 1863 года было азначана неверагодным уздымам самасвядомасці беларусаў. У гэты час пачынаецца станаўленне беларускай мовы як мовы этнаса, назіраецца значны культурны ўздым, увогуле адбываецца абуджэнне нацыі. На падставе гэтага можна зрабіць прамежкавую выснову: памяркоўнасць уласціва беларусам да таго часу, пакуль нешта не зварухне народ. На пярэдні план выходзяць годнасць, гонар за краіну і жаданне змагацца за яе.
З боку беларускіх пісьменнікаў назіраецца павышаная цікавасць да падзей гэтага часу. Найбольш ярка яны адлюстраваны ў творчасці Уладзіміра Караткевіча. Паўстанне 1863 года – тэма, якая праходзіць праз шэраг яго твораў. Самым жа значным з пункту гледжання раскрыцця нацыянальнага архетыпу з’яўляецца раман «Каласы пад сярпом тваім». У гэтым творы разгортваецца маштабнае палатно сацыяльнага жыцця розных слаёў насельніцтва Беларусі і суседніх краін у ХІХ стагоддзі. І менавіта з дапамогай такога ўсебаковага агляда вылучаюцца рысы грамадства, на падставе якіх вызначаецца сутнасць нацыянальнага беларускага архетыпу.
Уладзімір Караткевіч, выкарыстоўваючы фальклорныя і сімвалічныя вобразы, здолеў адлюстраваць уплыў калектыўнага несвядомага на народ увогуле і на асобнага індывіда. Напрыклад, вобраз белага жарабя – увасаблення нечага новага, хуткага і рэвалюцыйнага. Спачатку ён падаецца ў песні старога Кагута, прычым выглядае як звычайны народны сімвал. Потым, галоўны герой бача яго на карціне ў доме Загорскіх. І, нарэшце, некалькі разоў ён падаецца чытачу пры дапамозе прыёму сна. Гэта і ёсць прыклад калектыўнага несвядомага, якое зафіксавана ў фальклорных спевах і выяўляецца чалавекам праз яго сны.
Белае жэрабя – папярэднік непазбежных пераменаў і менавіта ён падштурхоўвае Алеся Загорскага на шлях непрымірымасці з існуючым становішчам беларускага народа:
                                Час той прыйдзе. І скора прыйдзе.
                                Стане моцным канём жарабятка,
                                 І на гэтым кані я паеду
                                Да пачынкаў і хат сялянскіх. [1, с. 24]
Дадзеныя радкі можна разглядаць як рэмінісцэнцый да верша Максіма Багдановіча «Пагоня», у якім і грозныя коннікі, і іх нястрымныя коні прадстаўляюцца як выратавальнікі беларускай зямлі ад чужакоў-захопнікаў. Нездарма коннік на белым кані выступаў і ў якасці герба ВКЛ і быў звязаны са старажытнаславянскай традыцыяй народнай пагоні: у выпадку раптоўнага нападу ворага і захопу кагосці з членаў абшчыны, кожны мужчына, які меў права насіць зброю, быў абавязаны кідацца ў пагоню, каб адбіць палон. Такім чынам, вобраз белага жарабя ў рамане Караткевіча можна разглядаць як спрадвечны сімвал беларускага народа, які ўвасабляе ў сабе непахіснасць і мужнасць.
Гэтыя якасці ў значнай меры прысутны і галоўнаму герою рамана. Алесь Загорскі – прадстаўнік дваранства, але ж, дзякуючы традыцыі «дзядзькавання», ён змог наблізіцца да жыцця сялянства, да зямлі, якой карыстаўся. У беларускіх казках, паданнях і песнях, зямле надаецца найвялікшая павага. Зямля – адзіны сродак для існавання ў беларусаў ХІХ стагоддзя, і калі жыць на ёй становіцца немагчыма, народ прачынаецца і ўздымаецца супраць прыгнёту. Караткевіч, паказваючы гэта, не робіць розніцы паміж сялянамі і дваранствам, але ён выдатна падкрэслівае той факт, што дваранства бывае і «добрым», і «дрэнным». Калі параўнаць сем’і Загорскіх і Кроера, напрыклад, можна вызначыць хто з іх з’яўляецца сапраўдным беларусам, які прытрымліваецца ўсіх нацыянальных традыцый і мае ўсе рысы характару, якія ўласцівы этнасу, а хто клапоціцца толькі аб сабе і сваім багацце. Кожная панская сям’я – асобны мір, са сваімі звычкамі і традыцыямі. Адны, здаецца ідуць тым жа шляхам, што і Загорскія, напрыклад Раўбіч, але робяць гэта асобна і па-свойму. Другія (Кроер, Хаданскія, Таркайлы) з’яўляюцца заўзятымі прыгоннікамі, якім чужа бескарыслівае дабро. Менавіта ў гэтым супрацьстаянні і нараджаецца гнеўнае полымя паўстання супраць прыгнёту.
Што датычыцца непасрэдна Алеся, то значны ўплыў на яго фарміраванне як індывіда аказвае Вежа. Гэта чалавек з багатым жыццёвым вопытам, які здолеў прайсці праз шэраг жорсткіх выпрабаванняў, не страціўшы пры гэтым хоць і завуаляванага, але ж аптымізму. Алесь цягнецца да яго амаль з першых хвілін знаёмства. І нездарма, бо ў гэтай асобе сабраны кананічныя чалавечыя якасці, характэрныя для менталітэту беларусаў: гонар, непахіснасць, прыродны аптымізм, любоў да зямлі і сям’і. Нават знешне Вежа нагадвае нейкага міфалагічнага волата, які стаіць на варце нацыянальных каштоўнасцей.
Яшчэ адна постаць, вартая асаблівай увагі – Кастусь Каліноўскі. Гэты чалавек вось ужо паўтара стагоддзя з’яўляецца сімвалам Беларусі. Аднак у рамане Караткевіча прадстаўлены спачатку звычайны хлопчык з рамантычнымі марамі аб будучыні. Потым высакародны юнак, сэнс жыцця якога, закладзены ў барацьбе за годны лёс беларускай нацыі. Паходзячы з шляхецкай сям’і Кастусь бачыў усе пакуты, праз якія праходзіць народ: голад, ушчамленне чалавечых правоў уладамі і здзекі паноў над слянствам. Прычым такая несправядлівасць характэрна для лёсаў і беларускага, і рускага народаў.
У Каліноўскім з небывалай сілай прачынаецца нацыянальная свядомасць. Ён становіцца змагаром за мову, культуру і волю, якіх так не хапала беларускаму грамадству. Яго таксама можна суаднесці з героямі нацыянальных паданняў, якія ахоўвалі жыццё і свабоду насельніцтва краіны.
Такім чынам архетыпічны вобраз змагара-ахоўніка праходзіць праз усю гісторыю беларускай нацыі. Яму ўласцівы такія рысы характару як гонар, высакароднасць, духоўнае багацце, шырокі спектр каштоўнасцей, годнасць, любоў да свайго народа, жаданне справядлівасці. Гэта нацыянальны архетып, які быў створаны яшчэ на пачатку станаўлення беларускай нацыі. З цягам часу ён абрастаў вопытам розных пакаленняў і ў сярэдзіне ХІХ стагоддзя дасягнуў самага высокага ўзроўня. Уладзімір Караткевіч заўважыў гэты факт і менавіта ён пакладзены ў аснову ўсяго твора. Караткевіч выступае свайго роду лекарам нацыі, які ў сваім творы адраджае традыцыі нацыянальных паданняў, як з міфалагічнага боку, так і гістарычнага, і сацыяльнага. Раман «Каласы пад сярпом тваім» значна паўплываў на фарміраванне нацыянальнай думкі грамадства ў ХХ стагоддзі, аднак і сучасныя беларусы лічаць яго адным з самых выдатных твораў беларускай літаратуры.

Літаратура
1 Караткевіч, У. С. Збор твораў у васьмі тамах. Тамы 4-5 / У. С. Караткевіч. – Мінск: Мастацкая літаратура, 1989. – 923 с.
2 Юнг, К. Г. Псіхалогія несвядомага. / К. Г Юнг. – М., 1998. – 399 с.
3 Юнг, К. Г. Архетып і сімвал. / К. Г Юнг. – М.: Ренессанс, 1991. – 304 с.

0 коммент.:

Постоянные читатели

Flag Counter
PRCY-info.ru, получить информер тИЦ PR
Технологии Blogger.